ЧАРНАМО́РСКАЕ КАЗА́ЦКАЕ ВО́ЙСКА,
войска, створанае царскім урадам у Паўд. Украіне з б. запарожскіх казакоў (Запарожская Сеч ліквідавана ў 1775). Яго арганізацыя пачалася ўвосень 1787 (у сувязі з набліжэннем новай вайны з Турцыяй). Указам ад 2.2.1788 утворана т.зв. «Войска надзейных казакоў», якое ў гэтым жа годзе перайменавана ў Ч.к.в. Паміж Паўд. Бугам і Днястром казакі заснавалі некалькі пасёлкаў з цэнтрам у г. Слабадзея (цяпер г.п. Слабазія ў Малдове). Пасля рус.-тур. вайны 1787—91 Ч.к.в. ў 1792 перасялілі на т.зв. Чарнаморскую пагран. лінію (ад вусця р. Лаба да Азоўскага м. па правым беразе р. Кубань). На Кубані казакі заснавалі 40 куранёў з ваен.-адм. цэнтрам у г. Екацярынадар (цяпер г. Краснадар). У сярэдзіне 19 ст. Ч.к.в (каля 200 тыс. чал.) складалася з 12 конных палкоў, 9 пластунскіх (пешых) батальёнаў, 2 гвардз. эскадронаў і 4 батарэй. Вялі таксама гаспадарчую дзейнасць (жывёлагадоўля, рыбалоўства, з 1840 — земляробства). У 1860 Ч.к.в. аб’яднана з часткай Каўк. лінейнага казацкага войска і перайменавана ў Кубанскае казацкае войска.
т. 17, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)